У музейным пакоі іўеўскай парафіі з'явіліся фотаздымкі касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла, капліцы святой Барбары і іўеўскай мячэці 30-х гадоў ХХ стагоддзя.

Фотаздымкі з'яўляюцца дадаткам да друкаванага варыянту манаграфіі іўеўскай парафіі, якую падрыхтаваў кс. Ільдэфонс Бобіч. Дарэчы, адсканаваны рукапісны варыянт гэтай манаграфіі можна знайсці на сайце раённай бібліятэкі. Сама ж кніга нясе ў сабе падрабязную гісторыю не толькі іўеўскай парафіі, закранаючы штодзённае жыццё, гісторыю і статыстычныя дадзеныя, але і апісвае гісторыю Іўеўшчыны: паходжанне назвы, археалагічныя помнікі, эканамічнае становішча іўеўчан, іх побыт і звычкі.




Цікава, што вокладка кнігі абцянута кавалкам дзяругі (посцілкі), вытканай ў Старчынятах.

У бліжэйшы час манаграфія будзе адсканавана, а арыгінал выстаўлены ў экспазіцыі музея.

Праца па даследванню гісторыі касцёла працягваецца. За апошнія некалькі тыдняў вернікі прынеслі ў музей малітоўнікі сваіх продкаў, фотаздыкі ўрачыстасцяў міжваеннага і пахавання пасляваеннага часу, кнігі з асабістай бібліятэкі Ільдэфонса Бобіча і шмат іншага. Усе гэтыя прадметы знойдуць сваё месца ў экспазіцыі музея. Арганізатары музея ўдзячны ўсім, хто адгукнуўся на заклік – узнавіць гісторыю касцёла раза. І спадзяюцца на далейшую падтрымку.








































