У календары юбілейных гістарычна-культурных падзей Іўеўшчыны на 2015 год ёсць і гэта дата. У студзені мы адзначаем 125 год з дня нараджэння І. Бобіча (П. Простага), святара Іўеўскага касцёла, беларускага пісьменніка, перакладчыка, публіцыста. Напярэдадні юбілею я сустрэўся з руплівым даследчыкам жыцця і творчасці Ільдэфонса Бобіча, дацэнтам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, кандыдатам культуралогіі, Янкам Трацяком. Мы сябруем уже больш трыццаці гадоў, разам вучыліся ў адной групе беларускага аддзялення філфака ГрДУ, таму даўно на "ты".
- Янка, скажы, калі ласка, як даўно ты зацікавіўся творчасцю І. Бобіча?
- Калі мы гаворым пра літаратурную і публіцыстычную дзейнасць гэтага чалавека, то тут хутчэй трэба ўжываць яго псеўданім: Пётра Просты. Менавіта так І. Бобіч падпісваў свае творы. У сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя я моцна захапіўся вывучэннем дзейнасці беларускіх святараў, іх месцы ў рэ-лігійным і грамадскім жыцці нашай краіны ў параўнальна нядаўнія часы. Вось тады ў маім нататніку ўпершыню і з'явілася гэтае імя: П. Просты. У некаторых беларускіх выданнях пачатку ХХ ст. час ад часу мне трапляліся артыкулы гэтага аўтара. З цікавасцю я чытаў публіцыстычныя выступленні П. Простага. Тады яшчэ я не ведаў, што наперадзе мяне чакае сапраўднае адкрыццё.
- І якое гэта адкрыццё?
- Я працаваў у аддзеле рэдкай кнігі і рукапісаў бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў Мінску. Я шукаў зусім іншыя матэрыялы, як раптам зусім выпадкова ў маіх руках апынуўся тэкст зусім незнаёмай мне п'есы.
- Такія падзеі часцей за ўсё адбываюцца выпадкова…
- Так, ты сам займаешся пошукам дакументаў часоў мінулай вайны і, напэўна, не раз ужо адзначаў, што самыя цікавыя паперы адшукоўваюцца выпадкова. Такая рэч здарылася і са мною. Я разгарнуў незнаёмы рукапіс, убачыў назву - "Свякроўка", пачаў чытаць і хутка ўжо не мог адарвацца. Канечне, мяне вельмі ўразілі літаратурныя якасці твора і тое, што п'еса яшчэ не была надрукаваная. Гэта было сапраўднае літаратурнае адкрыццё. Колькі рукапісаў гублялася, а вось гэты ляжаў і чакаў свайго часу.
- І што было далей?
- У бібліятэцы мне дазволілі зрабіць копію твора, якую я затым паказаў гродзенскаму паэту Юрасю Пацюпе. Ён адразу высока ацаніў п'есу і захапіўся ідэяй надрукаваць яе. Аднак спачатку трэба было надаць "Свякроўцы", скажам так, кірылічны выгляд, таму што яна была напісана лацінкай, і адрэдагаваць твор. Гэтымі справамі і займаўся Юрась Пацюпа. Ён зрабіў вельмі важную працу. Як раз у той час у Гродне павінен быў выйсці першы нумар літаратурнага часопіса "Свіцязь", рэдакцыі якога мы і прапанавалі знойдзены ў архіве твор.
- Як там аднесліся да вашай прапановы?
- Станоўча. Вось так напісаная яшчэ ў 1917 г. п'еса ўпершыню была надрукавана толькі ў 1995 г.
- У дадзеным выпадку таксама можна сказаць, што рукапісы не гараць.
- Так. З'яўленне п'есы на старонках часопіса выклікала станоўчую рэакцыю чытачоў з самых розных куткоў нашай краіны. З таго часу я пачаў уважліва вывучаць літаратурную спадчыну П. Простага, шукаць яго іншыя творы. Скажу, што на сённяшні дзень маю некаторыя тэксты гэтага аўтара, якія яшчэ нідзе не друкаваліся. Аднак там сёе-тое трэба яшчэ ўдакладніць, таму працягваю далей працаваць у гэтым кірунку.
- Янка, ведаю, што ты з'яўляешся ўкладальнікам раздзела пра П. Простага ў кнізе "Скрыжалі памяці". Што гэта за выданне?
- У 2005 г., калі адзначалася 60-годдзе Вялікай Перамогі над фашызмам, у Мінску выйшаў трохтомнік пад назвай "Скрыжалі памяці". Выданне прысвечана творчасці пісьменнікаў Беларусі, якія загінулі падчас Другой сусветнай вайны. Знайшлося там месца і для П. Простага. Яго творчасць прадстаўлена невялікімі празаічнымі абразкамі, публіцыстычнымі нататкамі і, вядома ж, "Свякроўкай", якая на той момант ужо зрабілася візітоўкай аўтара. Таксама там змешчаны мой вялікі артыкул, у якім досыць падрабязна расказваецца пра жыццё і шматбаковую дзейнасць чалавека зусім няпростага лёсу - І. Бобіча (П. Простага).
- Дзе можна пазнаёміцца з гэтай кнігай?
- Кніга выйшла накладам у адну тысячу асобнікаў і ў продаж, па сутнасці, не трапіла. Аднак дакладна ведаю, што ў біблятэкі яна паступала.
- Дзякуй за цікавую размову.
Ю. КАМЯГІН.
На фота: Я. Трацяк чытае пародыі са сваёй кніжкі.