Ранкам у школах раёна прагучалі апошнія званкі, а ўвечары да мяне прыйшла заплаканая суседка. Я перапалохалася:

– Што здарылася? Мо з дзецьмі бяда якая? Ці з унукамі?
Аказалася, што ўсё ў парадку і з дзецьмі, і з унукамі, і з ёй самой. А суседка проста пакрыўдзілася. Да слёз, да істэрыкі! У той дзень унук заканчваў школу, а нявестка не запрасіла яе на свята апошняга званка.
– Сваю маці запрасіла, а мяне – не, – выцірала слёзы суседка. – А колькі ж я таго Дзімку глядзела! Усе канікулы ў мяне сядзеў. Бліны яму выпякала, піражкі… А як вырас, то, выходзіць, ужо і не патрэбна бабуля...
– Цябе не запрасілі на лінейку ці не пусцілі? – стала я высвятляць дэталі.
– Не запрасілі, то я і не пайшла! – агрызнулася сяброўка. – Чаго навязвацца? Не трэба я ім, то не трэба і яны мне!
– Ну чаму ты вырашыла, што непатрэбная? – паспрабавала скіраваць яе крыўду ў іншае рэчышча. – Мо нявестка проста забылася. Ці думала, што ты сама прыйдзеш. Ці не хацела турбаваць. Нядрэнная ж яна ў цябе, не грашы богу!
– Сваю ж маці запрасіла, – зноў і зноў прыводзіла “забойны аргумент” Кацярына. – Бачыла, як ішла са школы прыбраная. Вядома, свая матка заўсёды раднейшая, чым мужава…
Пасядзелі… Памаўчалі… Паплакалі – кожная аб сваім… Кавы папілі, па пяць грамаў каньячку туды капнулі. Пагаварылі пра гароды, пра надвор’е, пра здароўе…
– А ведаеш, мусіць, ты маеш рацыю: дарэмна я на нявестку пакрыўдзілася, – ужо збіраючыся адыходзіць, нечакана сказала Кацярына. – Я ж сваю маці таксама заўсёды больш шкадавала, чым Сяргееву. Памятаю, бяру ўвосень адпачынак, каб дапамагчы бульбу капаць. І перш да матулі еду. Свякруха просіць: дапамажы спачатку мне, потым у сваю вёску паедзеш. Не, кажу, спачатку маме дапамагу, а потым да вас. Як яна плакала! А я не разумела, чаму: усё роўна прыеду! Цяпер разумею… Бумерангам усё вяртаецца…
…Так, вяртаецца. Толькі не ва ўсіх хапае мужнасці гэта ўбачыць і прызнаць.
Ніна РЫБІК.