Незабыўныя краявіды
Адлівае небам сінім
чысты-чысты першы снег.
Упіваюся вачыма
у прасцяг…
І люба мне:
ў белі гай, крывулі-хаткі,
дым з абсмалкаў-каміноў,
цераз рэчку — стрункі-кладкі
да аджытых хутароў…
Гадаваўся й я між імі —
калыхаў дамок драўляны.
Змалку й мне дымок Айчыны
быў прыемны і духмяны…
… Чысты-чысты першы снег,
белым–белыя прасторы!..
І ўрачысты гімн ўва мне,
і — самоты мора…
* * *
Снег ідзе!..
Белы-белы…
Падалося ж мне:
злёгку ён сіні,
як зімою той
шлюбны твой
вэлюм —
ты ж пашыла
з блакіту
і інею!..
Снег ідзе!..
Столькі ў сэрцы
пачуццяў,
што не можа яно
схаладнець,
і міжволі
зрываецца з вуснаў:
— Снег ідзе!..
Будзем, людзі,
глядзець…
* * *
Люблю зімовую пару —
бялынь ад краю і да краю…
На снегавы абрус ступлю —
нібыта кніжку адгарну
і казку дзіўную чытаю…
Зірну — так блізка небакрай!..
Здаецца, пырхну за аблокі,
дзе сонца — нібы каравай,
а ранак — хлопчык яснавокі.
Плывуць хвілінкі…
Калыша ветрык змёрзлыя галінкі
чаромхі вутлай пад акном…
Жыцця — твайго й майго —
плывуць хвілінкі
ў свет, прыцярушаны сняжком…
А свет!.. Надзьмуты нейкі, грубы…
Нібыта гурбы снегавыя — губы…
Адным уздыхам ласкава б шапнуць
табе, адзінай, сэрцу майму любай:
— Заўжды са мною,
мая радасць, будзь!..
Разлучаныя завеямі
Рой гуллівых
матылькаў-сняжынак,
схаладнелыя твары людзей…
І – шнурочкі
зігзагаў-сцяжынак
між паслізгвання
беленькіх змей…
Між снягоў і завеяў
бязмэтна хаджу я —
што яшчэ застаецца рабіць? —
здрады жах,
як вар’ят, баражуе,
і пагляду твайго
мне ніяк не злавіць…
Антон Піліпчык.