
Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь арганізавала акцыю “Марш Перамогі”.
Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, напярэдадні 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, улічыўшы інтарэс беларусаў і гасцей краіны да рарытэтных узораў тэхнікі, якія прымалі ўдзел у ваенным парадзе ў горадзе Мінску ў Дзень Незалежнасці, Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь арганізавала акцыю “Марш Перамогі”, піша diatlovonews.by.
Легендарныя танкі Т-34 пабываюць у населеных пунктах, якія асабліва вызначыліся ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў ваенныя 1941-1945 гады і ў лютым 2024 года былі ўзнагароджаны вымпеламі “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”. Сёлета гэтага ганаровага знака ўдастоены гарады Дзятлава, Баранавічы, Дзяржынск, Калінкавічы, Любань, Асіповічы, Чавусы, гарадскія пасёлкі Обаль і Асвея.
Адметна, што 12 чэрвеня горад Дзятлава першым сустрэў акцыю “Марш Перамогі”.

Урачыстасць з гэтай нагоды праходзіць у гарадскім скверы па вуліцы Слонімскай з удзелам раённага кіраўніцтва на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім, спецыялістаў ваеннага камісарыята, які таксама адзначае 80-годдзе ўтварэння, прадстаўнікоў працоўных калектываў, прафсаюзаў, грамадскіх аб’яднанняў, навучэнцаў установаў адукацыі, дзятлаўчан.

Акрамя выставы танкаў Т-34, у жыхароў ёсць магчымасць пабачыць выступленне вайсковых творчых калектываў, спецыялістаў кіналагічнага цэнтра Рэспублікі Беларусь са службовымі сабакамі, наведаць перасоўныя экспазіцыі рарытэтнага і сучаснага ўзбраення і пафатаграфавацца на памяць.


Так, 11-я асобная гвардзейская механізаваная брыгада, якая базіруецца ў горадзе Слоніме, дэманструе ўдзельнікам свята Р-186 “Богатырь” і МП-240 “Кайман” для забеспячэння сувязі, БМ-21 “Град” – рэактыўную сістэму залпавага агню, перасоўны інфармацыйны цэнтр для тэхнічнага забеспячэння інфармацыйнай работы ў палявых умовах.




Ужо сёння эстафету “Марша Перамогі” прыме горад Любань. Плануецца, што акцыя Міністэрства абароны прадоўжыцца да 20 ліпеня.
diatlovonews.by