
Гісторыя на далоні

… Цёплым жнівеньскім ранкам мы разам са старшынёй Геранёнскага сельвыканкама Віктарам Вершаловічам падымаемся на гару, дзе захаваліся рэшткі знакамітага замка. Ісці зручна, хаця раз пораз усё-такі прыходзіцца прыкладаць намаганні. Аднак зробленыя поручні здорава дапамагаюць хадзьбе, крок другі - і мы на самай высокай кропцы, адкуль адкрываецца ўся гісторыя, як на далоні.


Менавіта Геранёнскі замак гісторыкі называюць сведкам кахання польскага караля Жыгімонта ІІ Аўгуста і прыгажуні-княгіні Барбары з роду Радзівілаў. Альбрэхт Гаштольд доўга меў варожыя адносіны з Радзівіламі. Крокам да міру стала сватанне яго сына Станіслава да юнай дачкі Юрыя Радзівіла Барбары. У 1537 годзе маладыя ўзялі шлюб у новым Геранёнскім касцёле. Праз некалькі гадоў Станіслаў Гаштольд памірае. У 1543 годзе ў замак прыехаў тады яшчэ сын караля Польшчы, кароль Літвы Сігізмунд Аўгуст. Каралевічу прыйшлася даспадобы маладая ўдава. Барбара адказала ўзаемнасцю. Закаханыя тайна павянчаліся. Калі ж іх тайна праз некалькі год была адкрыта, яна ўскалыхнула і Літву, і Польшчу. Усе былі супраць, лічылі, што яму патрэбна жонка з каралеўскіх дынастый. Гэта ўмацавала б і краіну, і трон… Аднак каханне перамагло тыя абурэнні – Барбара ў снежні 1550 г. была каранавана, як каралева Каралеўства Польскага. А ўсяго праз паўгода яна памерла. Хвароба была невядомай і вельмі цяжкай. Асобныя гісторыкі і пісьменнікі (у прыватнасці, польская пісьменніца Галіна Аўдзерская ў рамане “Каралева Бонна”) робяць высновы наконт таго, што нежаданую нявестку атруціла каралева-маці Бона Сфорца. Яна мела ў сваіх каранях і прадстаўнікоў роду Медзічы, яды і атручванні ў якіх былі ўведзены ў ранг мастацтва.

– Гэта месца заўсёды прыцягвала турыстаў. Аднак апошнім часам іх колькасць значна павялічваецца. Таму было прынята рашэнне добраўпарадкаваць тэрыторыю, зрабіць поручні, каб было зручна любавацца рэшткамі замка і ўспамінаць прыгожую гісторыю кахання нашых продкаў, – расказвае Віктар Вершаловіч. – Побач устанавілі інфармацыйныя шчыты, дзе можна пачарпнуць нейкія гістарычныя звесткі. Плануем гэта месца развіваць і далей. Хочацца, каб турысты пасля яго наведвання змаглі завітаць у мясцовую ўстанову культуры, палюбавацца выставамі народных майстроў, пагуляць па аграгарадку.
Яшчэ вясной па ініціыятыве дэпутата Геранёнскага сельскага Савета дэпутатаў, загадчыка мясцовай установы культуры Галіны Дзіц ў аграгарадку правялі вялікую акцыю “Упрыгожым свой дом самі”, якую актыўна падхапілі ўсе жыхары населенага пункта. Першым яе этапам стала правядзенне суботніка на замчышчы, а другім – пасадка Сквера сяброўства ў цэнтры Геранён. Было высаджана 80 туй у гонар 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

–Так прыемна было бачыць, як выходзілі саджаць дрэўцы цэлымі сем’ямі, – дзеліцца ўспамінамі Галіна Дзіц. – Кожны стараўся ўнесці свой уклад у добраўпарадкаванне малой радзімы. Плануем яшчэ тут усталяваць лаўкі, зрабіць прыгожую фотазону.


А у нас у двары…
Кіраўнік мясцовай улады Віктар Вершаловіч сцвярджае, што нераўнадушных і актыўных людзей, тых, хто любіць малую радзіму, у Геранёнах нямала. Гэта найперш Валянціна Карташэўская і Алена Смалянічэнка. Да кагорты такіх людзей належыць і Віктар Тарабеш, дэпутат мясцовага Савета дэпутатаў, работнік аўтаматызаванай радыёперадаючай станцыі. Ён не толькі прапануе ідэі, але і актыўна іх увасабляе ў жыццё.
- Некаторыя нашы людзі лічаць, што ўлады ім абавязаны і парадак навесці ў двары, ці ў пад’езде штосьці адрамантаваць, а я лічу, што такія дробязі можна зрабіць і самому, – разважае субяседнік. – Мы жывём тут і мы абавязаны падтрымліваць свой двор у належным стане.

Сам Віктар Тарабеш устанавіў у двары двухпавярховак па вул. 40 год Перамогі спартыўныя турнікі і па ўласнай ініцыятыве займаецца трэніроўкай хлопчыкаў і дзяўчынак, ладзіць спартыўныя спаборніцтвы, выхоўвае ў падрастаючага пакалення прыхільнасць да здаровага ладу жыцця.
Вечарам у двары заўсёды шумна і весела. Свайго трэнера хлопчыкі і дзяўчынкі сустракаюць з работы вясёлым пытаннем: “Віктар Іванавіч, а спаборніцтвы будуць?”. Гэта надае трэнеру не толькі энергіі, але і дазваляе адчуваць сваю запатрабаванасць. Ды і вынікі не застаўляюць сябе чакаць.
Хлопчыкі дэманструюць нам свае спартыўныя навыкі. І вынікі, ведаеце, уражваюць! Васьмігадовыя малыя могуць больш чым сто раз зрабіць пад’ём з пераваротам, больш дваццаці раз падцягнуцца на перакладзіне. А Віктар Іванавіч з задавальненнем называе нам фаміліі тых, хто не прапускае трэніроўкі і стараецца на ўсе сто. Гэта Матвей Сяргееў, Цімафей Жылевіч, Арцём Тарабеш. Ёсць сярод лідараў і дзяўчынкі.
У спартыўным двары мой погляд прыцягвае прыгожы кветнік, на якім шчыруе Галіна Калала. Знаёмлюся з жанчынай і даведваюся пра яе вялікую любоў да кветак і пра тое, як жыхары сумеснымі намаганнямі клапоцяцца пра свой двор, пад’езд і дом.

- Нядаўна непагода крыху папсавала мой кветнік, – расказвае Галіна Іосіфаўна. – Я спачатку вельмі расхвалявалася, а потым выйшла і ўсё паправіла. Вельмі люблю кветкі, прыгажосць ад іх такая, што душа радуецца. Колькі жыву тут, столькі і высаджваю іх каля пад’езда. Агароджу для кветніка зрабіў муж, ён жа рэгулярна падтрымлівае яе ў належным стане.
Увогуле, жанчына расказала, што пасля капітальнага рамонту дома, жыльцы вырашылі зрабіць рамонт пад’езда ўласнымі сіламі. Цяпер там узорны парадак, прыгажосць і ідэальная чысціня.
- А як жа іначай?! Мы самі тут жывём, гэта ў нашых інтарэсах, каб было прыгожа, – гаворыць субяседніца. – Чакаць, што хтосьці за цябе зробіць усё, – гэта пройгрышная пазіцыя.


Новая вопратка для вясковай вуліцы
Віктар Вершаловіч заўважае, што апошнім часам у сельсавеце шэраг дарог было асфальтавана, а частка адрамантавана. Так, з’явіўся асфальт на вуліцах у вёсках Жылі, Сураж, Дайнава. Яшчэ праведзена высыпка дарог па вуліцах Палявая і Св. Юзэфа ў аг. Геранёны. У цяперашні час вырашаецца пытанне з асфальтаваннем участка дарогі да могілак у аг. Геранёны, расказвае старшыня мясцовай улады. Звароты жыхароў не засталіся без увагі дэпутата абласнога Савета Кацярыны Леўдаровіч, якая накіравала дэпутатскі запыт для вырашэння праблемы.

А ў адну з вёсак з новым асфальтам мы не маглі не заглянуць і не пагутарыць з мясцовымі жыхарамі. Ля веснічак сваёй хаты нас сустракае стараста в. Дайнава Ірына Блудніцкая.

- Ведаеце, асфальт на нашай вуліцы быў і раней. Аднак з цягам часу прыйшоў у нягодны стан. Былі ямы, выбоіны, якія напаўняліся восенню вадой, – расказвае Ірына Вацлаваўна. – Дзякуючы старшыні райвыканкама Ігару Мікалаевічу Генцу і старшыні Геранёнскага сельвыканкама Віктару Эдвардавічу Вершаловічу 1 км і 300 метраў дарогі было заасфальтавана.
У нас цяпер усё добра. Бачыце, як дзеці аблюбавалі новую дарогу: туды-сюды шмыгаюць на веласіпедах.
Вясковы стараста ў размове неаднаразова падкрэслівае, як змянілася жыццё людзей за некалькі дзесяцігоддзяў. Успамінае свае маладыя гады, калі ў калгасе была пераважна ручная праца, і плацілі за гэтую цяжкую працу няшмат. А цяпер – працаваць можна, гаворыць жанчына. І грошы добрыя зарабіць ёсць магчымасць. Галоўнае – не ленавацца і не чакаць, што хтосьці дарэмнае прынясе.
У Дайнаве налічваецца 63 дома і амаль столькі ж жыхароў. Два разы на тыдзень сюды прыходзіць аўталаўка, прыязджае перасоўны ФАП. Паколькі адлегласць да Геранён невялікая – кіламетры 2, то жыхары пры неабходнасці наведваюць аграгарадок.
Сярод жыхароў гэтай невялікай вёсачкі вызначаецца сям’я Грышыных. Гэта сям’я прыёмная. На сённяшні дзень тут выхоўваецца чацвёра дзяцей і адзін знаходзіцца на патранаце. Паколькі гаспадыня дома Ларыса Браніславаўна знаходзілася з адным выхаванцам на лячэнні ў райбальніцы, гутарка атрымалася з Віктарам Мікалаевічам, які пазнаёміў нас з жыццём сваёй вялікай сям’і.

Так склаўся лёс, што ў 2012 годзе сям’я Грышыных з Калінінградскай вобласці прыехала на малую радзіму жонкі. Патрэбна была дапамога роднай сястры, якая апынулася ў бальніцы, а пяцёра яе дзяцей мелі патрэбу ў клопаце. Так на цэлы год Грышыны сталі прыёмнай сям’ёй. А потым, калі сястра паправілася, вырашылі працягваць нялёгкую справу выхавання чужых дзяцей. Чаму нялёгкую, мяркую, разумела. Да Грышыных пападаюць дзеці са складаным лёсам, якія ўжо ў сваім жыцці столькі пабачылі ад родных бацькоў, што іншым і не снілася.
У доме, які гаспадар адрамантаваў уласнаручна, на сцяне ў рамках вісяць фота ўсіх дзяцей, якія прайшлі праз сям’ю Грышыных. Некаторыя ўжо дарослыя, маюць свае сем’і, дзяцей.

- Падыход да ўсіх дзяцей у нас адзіны – усе дзеці роўныя, – расказвае Віктар Мікалаевіч. – Складана толькі першыя некалькі месяцаў, калі з’яўляецца новы член у нашай сям’і. Адаптацыя праходзіць - жыццё наладжваецца. Вядома, бываюць і няштатныя сітуацыі. Але спраўляемся.
У чацвярых хлопчыкаў 14, 11, 10 і 5 гадоў – утульныя пакоі, навокал чысціня. Дзяцей прывучаюць да парадку і працы – гэта галоўныя правілы. Для таго, калі апынуцца ў дарослым жыцці, каб маглі ўпэўнена наладжваць свой быт. У двары – арэлі, гамакі, кветкі. Усё, як у звычайнай сям’і, дзе клапоцяцца аб дзецях і любяць іх.

Працаваць і зарабляць
У аг. Геранёны на сённяшні дзень пражывае амаль 1 200 чалавек. Для нармальнага жыцця тут ёсць усё неабходнае. Галоўнае ж – ёсць дзе працаваць, разважае Віктар Вершаловіч і праводзіць на першы паверх адміністрацыйнага будынка сельвыканкама. Тут напрыканцы мая адкрыўся швейны участак ААТ “Світанак”. На працу былі ўладкаваны 13 жанчын, якія да гэтага часу не працавалі або працавалі на цяжкіх работах. Увогуле, у сельскай мясцовасці жанчынам заўсёды цяжка з працай. Таму адкрыццё швейнага ўчастка стала для некаторых сапраўдным выратавальным колам.

Вольга Грынюк, якая ўзначальвае міні-прадпрыемства, не без гонару зазначае, што нядаўна швеі атрымалі больш высокі разрад, здалі кваліфікацыйны экзамен усе на выдатна. У сувязі з гэтым і зарплата павялічылася.
Мы адчуваем сябе часткай вялікага прадпрыемства, аднаго з вядучых у Беларусі швейных вытворчасцей, – расказвае Вольга Віктараўна. – Прыемна ведаць, што прадукцыя “Світанка” карыстаецца вялікім попытам не толькі сярод беларусаў, але жыхароў іншых краін. Іўяўчане могуць яе набыць у фірменнай краме ў райцэнтры.
У гэтым ёсць і часцінка нашай працы.
Тамара Каханоўская да таго, як пайсці працаваць у швейны цэх, выконвала цяжкую працу жывёлавода. Вырашыла змяніць прафесійны накірунак, тым больш, навыкі швейнай справы набыла яшчэ падчас вучобы ў школе. Цяпер яны сталі дарэчы. Нездарма кажуць, што чалавек павінен умець рабіць усё, таму што дакладна ніхто не ведае, у якой сітуацыі можа апынуцца.

Нельга не заўважыць, як спрытна спраўляецца з шыццём прыгожая маладая жынчына Дзіяна Танкевіч. Яна – мама траіх дзяцей. Графік работы для шматдзетнай маці вельмі зручны. Адразу пасля працы – у дзіцячы сад і дамоў.

Не можа не ўразіць яшчэ адно значнае прадпрыемства ў Геранёнах. Тут работа сугуба мужчынская і самая што ні ёсць сур’ёзная. На прадпрыемстве філіяла ВТАА “Тэхмаш” г. Ліда “Завод сельгасмашын” працуе больш 150 чалавек. І палова з іх – мясцовыя жыхары.

Як паведаміў дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Лісоўскі, тут наладжаны выпуск рознай сельскагаспадарчай тэхнікі, якая экспартуецца ў Расію, Узбекістан, Манголію, Казахстан, краіны Афрыкі. Для працуючых створаны неабходныя умовы, таму тякучасці кадраў не назіраецца. Найперш, добрая заработная плата, якая на пачатак года была ў межах 1700 руб.

Кіраўнік прадпрыемства дэманструе новае абсталяванне, якое значна аблягчае працу рабочых і праводзіць аперацыі якасна. Гэта зварачны робат, такарны станок з лічбавым праграмным кіраваннем і іншыя.
Аператар лазерных установак Валянцін Гродзь уладкаваўся на працу пасля заканчэння Іўеўскага ліцэя і праходжання службы ў арміі. Расказвае, што да гэтага давялося некалькі разоў змяняць месца работы. А цяпер знайшоў сваё прызванне цалкам. Тым больш тут яго малая радзіма, тут жыве сям’я.

Увогуле, прадпрыемства, на якім ладзіцца выпуск сельгасмашын, уражвае і па маштабе, і па выпускаемай лінейцы прадукцыі. І тое, што яно дае магчымасць працаваць сельскім людзям, надае яшчэ большую значнасць.

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Ірына БУТУРЛЯ. Станіслаў ЗЯНКЕВІЧ (фота).