Пачатак свайго сямейнага жыцця заўсёды ўспамінаю з усмешкай. Для таго ёсць дзейсныя прычыны. Гэтыя ўспаміны прыемныя і цёплыя, таму ёсць жаданне імі падзяліцца.
Далёкія шасцідзясятыя ўжо мінулага стагоддзя. Я, маладзенькая зусім дзяўчынка, вылецела з бацькоўскага гнязда, паехала за свет працаваць на хлебазавод. Там напаткала хлопца, якога пакахала (па ўсім выглядала – узаемна) і згадзілася выйсці замуж.
Памятаю, як паехала з гэтай весткай дамоў, як сказала бацькам, як яны і парадаваліся, і цяжка паўздыхалі, як пыталіся, ці добра ж я падумала?.. А ўрэшце, прызналі, што гэта хлопец жэніцца, калі хоча, а дзяўчына ідзе замуж, калі бяруць. Значыць, трэба ладзіць вяселле.
Гарэлкі ў магазінах тады было не дакупіцца, нават па талонах на патрэбу, але ж выручыць магла самагонка. У нашых краях яе гналі добрую, хлебную.
З закускай таксама бяда невялікая: у гаспадарцы свінні, ды не адна…
Праблема ўзнікла з іншым: дзе купіць падарункі для родных жаніха, для яго братоў і сясцёр, для цётак і дзядзькаў (усе жанатыя-замужнія, значыць, і для іх жонак-мужоў), для хросных і родных бацькоў? Усяго, як мы падлічылі, патрэбна ні мала, ні многа – каля… трыццаці штук. І гэта пры тым, што крамы амаль пустыя, што ў іх, калі нешта і завозіцца, то прадаецца альбо па талонах, альбо па вялікім блаце, ды не ў такой колькасці. Значыць, застаецца толькі адно – ехаць на базар.
Бацькі (светлай памяці!) уручылі мне вузельчык з прыхаванымі грашыма (сваіх на той час яшчэ не назбірала), загадалі добра схаваць і нідзе не вароніць, ды адправілі ў Ліду.
І вось мы са стрыечнай сястрой (саракоўнік на дваіх) ужо ходзім па рынку – вышукваем, збіраем падарункі, не раўнуючы, як воран косці: там купляем дзве хусткі, там – адрэз тканіны, там – дзве мужчынскія сарочкі, там яшчэ адну…

Захапіўшыся гэтай купляй, падлікамі (колькі штук, колькі грошай…) ды пакаваннем дабра ў сумкі, мы не глядзелі па баках, у тым ліку не звярнулі увагі на двух міліцыянераў, якія ўважліва сачылі за намі, а потым, калі мы заспяшаліся на аўтобус, раптам паўсталі наперадзе і строга «запрасілі» прайсці за імі. «Куды?», «Чаго?», «Чаму?», «За што?» – дрыжачым голасам пытаемся мы з сястрой. А ў адказ чуем хіба кароткае: «У аддзяленні разбяромся». Пакуль ішлі туды, ледзь не памерлі са страху.
І на месцы лягчэй не стала, бо высветлілася, што хлопцы з міліцыі, убачыўшы, колькі мы чаго набіраем, вырашылі, што гэта не сабе, а на далейшы продаж, што мы з сястрой – звычайныя спекулянткі, а таму набытае належыць… канфіскаваць (!?).
Мы, вядома ж, у слёзы: «Як канфіскаваць? Гэта ж падарункі… Гэта ж да вяселля».
Я давай гаварыць, што дата яго ўжо прызначана, што ў майго жаніха дзевяць братоў і сясцёр… «А чаму не дзесяць?» – з усмешкай пытаюцца ў мяне. «Дык жаніх дзясяты», – даводзім мы з сястрой і бачым, што людзі ў форме не вераць ніводнаму нашаму слову. І тут…
Ура! Я ўспомніла, што ў мяне ёсць паперка – даведка з загса. Іх тады выдавалі ўсім, хто пісаў заяву на ўступленне ў шлюб…
Які-ніякі, але гэта быў дакумент і, на шчасце, ён спрацаваў: нам вярнулі сумкі з нашым багаццем, і мы, стомленыя, зарумзаныя, з размазаным макіяжам, рушылі лавіць спадарожную машыну (аўтобус даўно сышоў), каб дабрацца дадому…
Гэта быў толькі пачатак маіх вясельных прыгод. Не абышлося без іх і далей.
Добрыя дарогі ў нашых мясцінах з′явіліся хіба ў гэтым стагоддзі, у тым – іх яшчэ не было, яма на яміне: не прайсці, не праехаць… Плюс восень, дождж, гразь, дні кароткія…
Карацей, аўтобус з жаніхом і гасцямі ехаў доўга, аднак даехаць да хаты так і не змог. Апошнія кіламетры з тры ўся кампанія адольвала пехатой. Цётка жаніха, месячы гразь, прамовіла ў цемру: «І як ты яе адшукаў у гэтым балоце?». Усе дружна засмяяліся, чым паднялі сабе настрой.
А мы ж – сям′я, радня, усе госці, вяскоўцы (падзея як ніяк!) – хваляваліся (гэта цяпер бы патэлефанаваў і ўсё даведаўся…), гадалі, што зрабілася… Хто-ніхто сумняваўся, што няма жаніха, што раптам перадумаў. Яно ж і такое здаралася…
А вось я была ўпэўнена: верыла, што мой Казік абавязкова прыедзе. Ці прыйдзе…
Так яно і атрымалася.
…Адбылося, адшумела вяселле ў нашай хаце. Наперадзе была дарога (каля двухсот кіламетраў) у хату жаніха.

Не паверыце, але яна таксама пачалася з прыгод. У ноч напярэдадні ўдарыў мароз, пачалася мяцеліца, галалёд, на дарозе, адпаведна, то затор, то аварыя…
Толькі апоўначы наш аўтобус дабраўся да дома Казікавых бацькоў, дзе нас сустракалі не толькі хлебам ды соллю, але яшчэ і словамі, што звычайна ў дванаццаць ночы вяселле для многіх гасцей ужо канчаецца, а ў нас яно толькі пачыналася.
…Вось з такімі прыгодамі я выходзіла замуж. Некаторыя гадалі, хваляваліся, перажывалі, а што калі не заладзіцца ў нас сямейнае жыццё. А мы верылі, усё залежыць не ад прыкмет, а ад нас саміх.
Паўстагоддзя мы ідзём па жыцці разам: падтрымліваем адно аднаго і ў радасці, і ў горы, не дзелім работу на тваю і маю, радуемся дзецям, унукам, а цяпер і праўнукам! А як жа іначай! На тое яно і жыццё!
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Галіна НІЧЫПАРОВІЧ.