Загадчык аддзела метадычнай работы Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу Лілія Кішкель была госцем аўтарскай праграмы Валянціны Стэльмах “Галерэя. Радыёпартрэты сучаснікаў” на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. Аб чым расказвала наша зямлячка вядомай беларускай радыёвядучай? На старонках газеты мы пастараемся перадаць не толькі тэкст размовы, але эмоцыі, якімі наскрозь была прапітана гутарка дзвюх таленавітых жанчын, бясконца ўлюбёных у сваю справу.

В. Стэльмах:
– Лілія Францаўна, даражэнькая, я вельмі рада Вас вітаць у студыі. Гэта яшчэ адзін радыёпартрэт, які звязаны з культурай. Кола вашых інтарэсаў - Іўе, раён. Як у Вас усё гэта пачыналася?
Л. Кішкель:
– Я родам з Іўеўшчыны. Ёсць такая невялічкая вёска Сцігане, што ў Ліпнішкаўскім сельсавеце. Каля нашага дома была бібліятэка, якая называлася тады ізба-чытальня. Я памятаю, як яе пабудавалі, як пераносілі туды кнігі з суседняй хаты (там размяшчалася бібліятэка нейкі час). Мне тады было гадоў пяць. Для нас гэта было свята, якое пакінула велізарнае ўражанне ў маёй памяці. Тут праводзіліся канцэрты, і мы, дзеці, туды прыбягалі. Мы з такім задавальненнем глядзелі гэтыя самадзейныя выступленні школьнікаў. А таму там прападалі. Да гэтай пары помню прозвішча бібліятэкара Людмілы Сцяпанаўны Александровіч, якая мела добры падыход да дзяцей, падтрымлівала, хваліла нас. А потым былі школьныя вечары. Гэта была мая стыхія.
Пазней паспрабавала паступіць у інстытут культуры, не хапіла балаў. Прыйшла ўладкавацца на працу. Перш патрэбна было прайсці стажыроўку ў аддзеле культуры райвыканкама.
- Спяваеш? – спытаў загадчык аддзела культуры.
- Не.
- Іграеш на музычным інструменце?
- Не.
- Танцуеш? – не траціў надзеі кіраўнік.
- Ну, магу, – адказала я.
- Дык, а што ж ты будзеш рабіць у культуры?
- Не ведаю, але вазьміце мяне, – прасілася я.

В. Стэльмах:
– Мне здаецца, ваш край мае сваё ўздзеянне на чалавека. Гэтая зямля, гэта прыгажосць…
Л. Кішкель:
– Вядома! І фальклор свой, адметны. Я працую ў галіне народнай творчасці, калі кожны сам сабе і мастак, і спявак, і танцор. Мне здаецца, што ў кожным куточку нашай краіны ёсць свая адметнасць. Мы, беларусы, наогул, таленавітыя людзі. Мы можам сябе паказаць, а таксама можам і палюбавацца на таго, хто гэта можа рабіць лепш.
Са свайго дзяцінства памятаю, якія песні спявалі ў нашай сям’і. Мая бабуля Катарына ў свой час скончыла Лідскую гімназію. І калі пачалася Першая сусветная вайна, яна была ў Бранску ў эвакуацыі. Адтуль прывезла рускія народныя песні.
Маё пакаленне, наогул, выхоўвалася на культурных тэлеперадачах. Я з вялікім задавальненнем глядзела і “Музычны кіёск”, і “Народную творчасць”. Дарэчы, асобная тэлеперадача была прысвечана Бараўскаму народнаму хору, якім кіраваў заслужаны работнік культуры Віктар Шарэцкі. Хор выступаў у Маскве на ВДНГ, дзе праходзілі Дні беларускай культуры. Можа, іўеўскі край і не такі спеўны, але мастакоў, майстроў, талентаў у нас хапае.

В. Стэльмах:
– Лілія Францаўна, чаму вырашылі пасля вучобы вярнуцца дадому?
Л. Кішкель:
– Я скончыла Мінскі інстытут культуры завочна. Людзі кажуць: дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. Я была ў розных краінах свету, калі працавала на пасадзе дырэктара Ліпнішкаўскага сельскага дома культуры і на пасадзе дырэктара Іўеўскага дома культуры. Зразумела, што жыць павінен чалавек на сваёй Радзіме. Яшчэ мой бацька казаў, што на адным месцы і камень мохам абрастае. Тое, што гаварылі бацькі, суседзі, адкладвалася арганічна ў памяці, чалавек, таго не заўважаючы, прытрымліваецца гэтага. Як устаноўка такая. Жыць трэба дома. Паглядзіце, як прырода наша ўладкавана. Буслы і тыя вяртаюцца дадому.
Стаж працы ў галіне культуры Іўеўскага раёна ў мяне больш як сорак гадоў. Што за гэты час у культуры Іўеўшчыны змянілася? У нас, пачынаючы ад таго Бараўскага хору, працуе 11 народных калектываў. Ёсць дзіцячыя калектывы са званнем “узорны” – у Іўеўскай і Геранёнскай дзіцячых школах мастацтваў. Рэгулярна калектывы пацвяржаюць сваё найменне “народны”. Мы пакуль трымаем гэтыя высокія тытулы, нягледзячы на тое, што змяняюцца інтарэсы і прыхільнасці ў людзей. На самой справе для аматарскай творчасці сённяшні час – не самы просты.Тыя слаўныя часы, калі ў людзей была неабходнасць сустрэцца ва ўстанове культуры, засталіся ў мінулым. Між іншым, той эмацыянальны фон, які мы складаем, як паказаў час, патрэбны. І ніхто нас не заменіць. Мы даём прамы кантакт людзям, а не праз экран камп’ютара або тэлевізара. Гэта і майстар-класы, і канцэрты, і выставы. Гэта – эмоцыі. А эмоцыі – гэта тое, што запамінаецца надоўга.

В. Стэльмах:
– У Іўі паклапаціліся аб тым, каб надаць мугірам статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці…
Л. Кішкель:
– Мугіры ўпрыгожваюць мячэць у Іўі. Яны сталі з’яўляцца напрыканцы 19 стагоддзя, калі ўзнікла неабходнасць упрыгожваць мячэці. Нашы мугіры адрозніваюцца яшчэ тым, што іх сталі пісаць нашы беларускія татары. Яны бачылі прамыслова вырабленыя мугіры, прывезеныя з далёкіх краін. Магчыма, з Турцыі. А ў нас яны – рукатворныя.
У чым іх адметнасць? У тым, што яны пераплятаюцца з беларускай народнай творчасцю. Магчыма, вы бачылі ў вясковых хатах намаляваныя на шкле карціны – кошыкі з кветкамі, напрыклад, знізу пад шкло падкладзена фольга. І па гэтаму прынцыпу, па гэтай тэхналогіі, напачатку сталі вырабляцца мугіры. Яны адлюстроўвалі малітвы з Карана, але ў абрамленні нашых беларускіх кветак – макаў, васількоў, рамонкаў. Ёсць такія старадаўнія вырабы ў нашай мячэці, у музеі, у дамах людзей.
Мы, работнікі культуры, прыклалі шмат намаганняў, каб мугірам быў нададзены статус культурна-гістарычнай каштоўнасці. Гэта Алена Станіславаўна Нехвядовіч, якая збірала матэрыялы, галоўны захавальнік фондаў Іўеўскага музея Марына Пятроўна Пазняк, і наш кіраўнік Святлана Вацлаваўна Кішкель. Папулярызуе гэта мастацтва загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Ірына Рэгінальдаўна Смірнова і наш малады мастак Сялім Ільясевіч на мерапрыемствах рознага ўзроўню. Творы зроблены нашай зямлячкай Эміліяй Халільеўнай Шабановіч, якая з’яўляецца носьбітам гэтага віда мастацтва. Пагэтаму Беларуская рэспублiканская навукова-метадычная рада па пытаннях гicторыка-культурнай спадчыны надала статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці элементу “Выраб мугiраў у Iўеўскiм раёне”. Гэта праца - як далейшая ступенька для нашага развіцця. Гэта ўсё робіцца з мэтай падтрымаць, захаваць і развіць.

В. Стэльмах:
– Мы віншуем Вас з гэтай падзеяй! Сапраўды, гэта з’ява ў сферы культуры…
Л. Кішкель:
– Займацца вырабам мугіраў можа любы жадаючы на факультатыве ў Іўеўскай дзіцячай школе мастацтваў. Гэта выдатны сувенір, абярэг для дома і сям’і, гэта твор мастацтва . Гэта было адзначана нашым Прэзідэнтам падчас сустрэчы з нацыянальнымі меншасцямі напярэдадні Дня народнага адзінства: “Уникальный народ: храбрый, справедливый, воинственный. К нам пришел с миром – по приглашению местных князей, чтобы помочь нам защитить наши земли. Перековав мечи на орало, татары внесли большой вклад в развитие материальной и духовной культуры Беларуси. И сегодня город Ивье, один из центров их компактного проживания, по праву славится своими успехами в экономической и духовной сферах».
В. Стэльмах:
– Мы ўжо развітваліся, і Лілія Францаўна падзялілася сваім болем. Гэта знешне яна такая вясёлая, няўрымслівая . Здаецца, што ўсё у яе лёгка, проста, бязвоблачна. На самой справе – гэта далёка не так. Проста, яна ўмее, нягледзячы ні на што, пераадольваць цяжкасці, верыць у лепшае і радавацца кожнаму жыццёваму імгненню…
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Да друку падрыхтавала Ірына Бутурля.
Фота з уласнага архіва Л. Кішкель.